Геннадий Васильевич Говор.
Родился 23.03.1945 года в г. Жлобин Гомельской области.
Поэт. Художник. Автор книг «Мае абпаленныя крылы…», «Мой нечаканы вершапад», «Незамгнёная ýсмешка»,
«Князь-возера» (паэма), «Ты мяне пацалавала»,
«Акунёуская бiтва».
Стихи и переводы вошли в сборники «З адной калыскі» и «Слово за словом» г. Таганрог.
Живет в Гомеле.
Член СП Беларуси. Член Союза художников Беларуси. Член Международного союза писателей и журналистов.
БЯЛЮТКІЯ ЛЕБЕДЗІ
У небе блакітным,
Над лесам зялёным,
Бялюткія лебедзі
Клінам ляцелі...
На возера Нарач
Спяшаліся нанач.
У небе блакітным
Бялелі, бялелі...
Бялюткія птушкі
У небе блакітным,
Над лесам зялёным,
Гукалі сваіх...
РАЗГАНІЦЕ МОЙ СУМ
Разганіце, нашчадкі, мой сум,
Зажывіце, урэшце, розумам...
Не чужым, дзе знявага і глум,
А сваім гаспадарскім роздумам.
Ды ці ўбачу натхнення плён,
Нат пачатак, старт адраджэння?..
Зняў міленіум з нас праклён
І не будзе яму абвяржэння.
Разганіце, нашчадкі, мой сум,
Зажывіце, урэшце, розумам!
Праз вясёлы святочны тлум –
Да вышыняў, асвенчаных роздумам!
ЧАРАЎНІЧЫЯ ПАЛЕССЯ СКАРБЫ
Адвечныя Палесся далягляды
Вабяць апантаных мастакоў.
У восень залатую... На Каляды...
У весну трапяткую... Зноў і зноў...
Неба жураўлінае... Паветра...
Сенажаці з водарам п’янкім...
Снег блакітны... Пешшу кіламетры,
Праз вясёлак аркі напрамкі.
А эцюднік, палатно і фарбы,
Як заўжды, адданыя натхненню.
Чараўнічыя Палесся скарбы
Зіхацяць насустрач летуценню.
СРЭБНЫ СКАРБ
Я малюю чорным па белым,
Пакідаючы белае – святлом.
А, бывае, белым па чорным,
Пакідаючы чорнае – цемрай.
Сустрэўшыся, чорнае і белае,
Белае і чорнае – шарэюць.
Чысціня губляецца ў мінулым,
Шэры бруд і натхненне – чмурэюць...
Але аднойчы, шэрая паціна,
Становіцца срэбным скарбам.
І тады – з’яўляецца ісціна,
Дзе няма чаго рабіць ні словам, ні фарбам.
САНЕТ
Г.Х. Вашчанку ў Дзень яго 85-годдзя
Даруйце, калі ласка, мой імпэт
Гаўрыла Харытонавіч, шаноўны!
Звычайна я маўклівы, нешматслоўны,
А зараз – нараджаецца санет...
Гаўрыла Харытонавіч! Зямляча!
Такіх, як Вы, і ў свеце нат не шмат.
Як кажа сёння моладзь, не фармат.
А я дадам: ёсць пэўная нястача...
Гаўрыла Харытонавіч! Вы цуд,
Дзе кожная карціна ці эцюд –
Адбітак пачуцця і асяроддзя!
Прыміце мой, са шчырых слоў, букет.
Вас ведае і любіць увесь свет.
Вы – «Чалавек дваццатага стагоддзя»!!!
ДА СОНЦА
Не «свеціць» хісткаму дубку
Заняць пад Сонцам сваё месца.
Акселерату-галубку
Дужэць перашкаджаюць «лейцы»...
Тых «лейцаў» многа у бары –
Хваін высокіх і зялёных.
«Пашчасціла»... Не гавары...
Закрылі сонца соснаў кроны.
Неспадяванасцю быцця
Ён нагадаў тае рабіну,
Што марыла, нібы дзіця,
Да дуба прытуліці спіну...
Ды не з рукі дубку стагнаць
І жыць залежным ад бяздолля –
Яшчэ ўпінацца гадоў пяць,
Каб выслізнуць праз процьму голля...
Ён дасягне да мары той,
Высокай, сонечнай і светлай!
Цар-дубам стане наш герой,
Над пушчай старазапаветнай.
РЭЧЫЦКІ ЭДЭЛЬВЕЙС
Памяці Мастака А. Ісачова
На лугах і палях прыдняпроўскай зямлі,
Што спрадвеку палескай завецца
Кветкі розныя звыкла у згодзе жылі
І адна на адну не маглі наглядзецца...
Карагоды рамонкаў, валошак, ільну...
Кураслепу святло, дзьмухаўцоў віртуальнасць...
Пчолы песцілі іх і чмялі павідну,
А набыты нектар меў заўжды актуальнасць...
Але здарыўся цуд – расквітнеў эдэльвейс
Сярод зыркіх шматколерных кветак...
І травой стаў маленькай бярозавы лес...
Эверэстам – маленькі палетак...
...Пчолы зведалі смак недасяжных вышынь,
Кветкі ўбачылі ўзровень натхнення.
Днепр павольна нясе сваю шчодрую плынь
Уздоўж стромы яго летуцення...
МЯДЗЯНЫЯ АБЛОКІ
Памяці Анатоля Сыса
Мядзянымі сталі аблокі...
Птушка крычыць нястомная...
Паэта звонкія крокі
Ноч забрала бяссонная...
Да зорак імкнуцца бярозы
Трымаючы моцна гліну...
Хвалююцца апафеозы
Горкія напалавіну...
Вершы праз цемру гукаюцца,
Зоркі нямыя слухаюць...
Паэты пісаць заракаюцца
І на гарэлку дзьмухаюць...
Закалыхваючы вершамі,
Спявае боская птушка...
Заўсёды апошнія-першымі,
Паэзіі нашай служка!
ХТО Я ТАКІ?. .
Хто я такі на гэтым свеце белым?
У хуткацечным лёце звыклых дзён...
Гарачы дух у сэрцы набалелым,
Яшчэ жадае ўбачыць працы плён.
Жыў, як усе. Вучыўся розным справам.
Спазнаў у жыцці і поспех, і ганьбу...
Быў у маладосці левым, потым правым,
А зараз Богу аддаю мальбу!..