Алесь Дубровский

Родился в 1948 году в деревне Телеши Гомельского района. Окончил ГГУ. С 1975 до 1982 года работал в газете “Маяк”, при которой действовало районное литобъединение. С 1982 по 2014 – работал в ТРК “Гомель”.

Поэт. Автор книг “І будзе лета апасля…”, “Непрадказальнасць дня”.

Член ОО СП Беларуси и Белоруссского союза журналистов.

Умер в 2014.


 

 

РАЗМОВА З УНУКАМ


– Сцвярджаюць: будзе недарод,
Чакай другога ліха,
Як скіне з дрэва ў агарод
Сваё дзіця бусліха...
А той быў ураджайны год,
Ды спраўдзіла прыкмета:
Таптаў палі фашысцкі бот,
Грымела грозна лета.
Яшчэ жывы быў і Фядот,
Твой дзядзька незабіты...
А над зямлёю плыў смурод –
Гарэла ў полі жыта.
Гаротны стогн матуль, дзяўчат.
І слёзы,
слёзы,
слёзы...
А бежанцаў ад родных хат
Вязлі на ўсход абозы.
А нам старым... –
і дзед замоўк,
Нат папярхнуўся дымам,
- А як ты вывучыў урок?–
Спытае, ўнук, Радзіма.

 

* * *

Было чацвёра
Сыноў у маці,
Не знала гора
У роднай хаце.
Мясіла цеста
З мукі пшанічнай,
І было цесна
За стол садзіцца.
Ды ўсім хапала
Баршчу і хлеба,
Бо маці знала
Усе патрэбы.
...Цяпер нікога
Не кліча з горкі:
Гараць над форткай
Чатыры зоркі.
І больш не цесна
За стол садзіцца...
Была б нявестка...
Старой не спіцца.

* * *

Яны караюць і абдымаюць –
У залежнасці ад учынкаў,
Бо пачуцці сапраўдныя маюць,
Пакахаўшыя вас, дзяўчынкі.
Шчыравала над імі прырода
І, здаецца мне, недарэмна,
Бо з яе верагоднае згоды
Ў іх вядзьмарскае нешта дрэмле.
Зачаруюць яны і аблашчаць
Ці нашэпчуць дзіўнае штосьці,
Каб здалося – ухапіўся за шчасце:
Аб чым марыў – усё збылося!
І прыгожыя, і гаманкія,
Як само нават сэрца просіць...
Ды каго выбіраюць такія –
Вырашаецца на нябёсах!
        
Студзень, 2011 г.

 


* * *

Восені сырой расчараванне
Пацякло пажоўклым лісцем з дрэў,
І паўстала нечаканае пытанне:
Хто з нас на спатканне не паспеў?
Я ці ты?
І ў чым была прычына:
Дождж, што раптам з раніцы лінуў
І ты ў выніку абутак прамачыла,
Ці прыпынак транспарт прамінуў?
А мо нам адмовілі ў каханні
Зверху?
І той час цяпер прыспеў:
Восені сырой расчараванне,
Пацякло пажоўклым лісцем з дрэў...
        
Кастрычнік, 2010 г.


* * *

Проста радасць у нас –
Карагодзіцца снег!
Проста зноўку зіма
Завітала у госці!
І адразу чысцейшымі
Сталі ўсе.
У кожнай душы
Засвяцілася штосьці...
Яшчэ будуць завеі
І люты мароз,
Галалёдзіца будзе
Псаваць нашы нервы,
Толькі зараз за снег
Прапаноўваю тост,
Бо ў яго чысціню
Ўсе з маленства мы верым!
Сёння радасць у нас –
Карагодзіцца снег,
Сёння зноўку у госці
Зіма завітала,
Каб адразу душой
Прасвятлелі усе,
І Каляд варажба
Нам у шчасці спрыяла.
        
Снежань, 2010 г.


* * *

Восень палакала моўчкі і горка,
Бо цяпер зразумела сама,
Што віной яе слёз не зіма,
А рабіны пагорклыя гронкі.
Яна спеліла іх і люляла,
Не шкадуючы нават лісце,
Што на дрэвах было калісьці
Але з першым марозам апала.
Кожнай гронцы – ўсё бабіна лета
І зыркага сонца пяшчоту
Аддавала яна, толькі потым
Дагадзіць не ўдалося і гэтым.
І само ёй жыццё падказала,
Бо, відаць, надышла хвіліна
Зразумець, што цяпер рабіна
Ёй галоўнай саперніцай стала!...

   
Люты, 2011 г.

 


* * *

Загуляла завея з раніцы,
Хоць спакон не была блудніцай...
Як такое магло здарыцца –
І сама на сябе здзіўляецца.
Можа, ночка была бяссонная
І настрой сапсаваўся рэзка,
А яна – па жыцці гарэза-
Свет убачыла іншым спрасоння?..
А мо проста ёй прыснілася
Снегу шэрасць у чыстым полі,
І яна, праявіўшы волю,
Падбяліць яго зноў рашылася?...
А мо дзень проста сёння ветраны
Пераблытаў знарок ёй карты,
Што самой цяпер не да жартаў
Ад прыроды рахмана-ветлівай?..
І сама на сябе злуецца:
Як такое магло здарыцца?
Хоць спакон не была блудніцай,
Загуляла завея з раніцы...
        
Снежань, 2011 г.


* * *


Як не сумна гэта
толькі ці сумею
расказаць пра лета
лютаўскай завеі?
Белай і халоднай,
вельмі сваявольнай
здасца іншародным
раптам наваколле:
Лісце, травы, кветкі,
што і ў сне не сніла!
Не дарылі гэткіх,
Каб і папрасіла...
Першазданнасць пахаў,
жнівеньская спёка
і гняздо пад дахам,
бусел у аблоках.
Спелыя парэчкі,
што нам сонца дораць,
і туман над рэчкай,
ёй падобны ў колер.
І кахаць і верыць –
лета ўсё умее!
... Толькі ці паверыць
Лютая завея?..
        
Студзень, 2011 г.

 


БАБУЛЬКІ


– Упадзеш жа, кажу: высока!
Гэта ж трэба, такі блазнюк.
І ў каго ты ўдаўся няўрокам,
Неўгамонны такі унук?
Супакоіла. Зноў размова.
Пацякла між сівых бабуль:
– Не прывыкну на месцы новым
І па вёсцы сумую дасюль.
– І мне сумна сядзець без справы.
На балконе – не той прастор.
Глянь: у скверы жаўцеюць травы –
Гэта мне як прыроды дакор.
– Во, схадзіла, купіла вішняў...
– Так, не лёгка накрыць сталы.
А там сёння, пэўна, выйшлі
На сена стары і малы.
– Як вецер зноў не паверне,
Дык праз тыдзень касі ячмень:
Наліваецца хутка зерне,
Як не спаліць з вясны сухмень.
– Не забуду, як у сорак трэцім
Схавала я пяць сярпоў,
А немцы спалілі ў клеці
І іх, і маіх бацькоў...
Слабеюць у бабулек рукі –
Жыццё сваё ўсё-ткі ўзяло.
У горадзе няньчаць унукаў,
А думкі ўсё – пра сяло.


* * *

Жыве другі, бы вершыць стог:
Не аступіцца б толькі.
Я спрабаваў, але не змог:
Мне вальс не трэба – польку!
Хай асцярожны ў жменю кпіць:
– Адведзена ж так мала...
А мне, каб жыць, як луг касіць,
Абы кассё трывала!..