Башлаков Михаил Захарович (Мiхась Башлакоỳ)

 

Родился 27 апреля 1951 года в поселке станция Терюха (ныне – деревня Баштан) Гомельского района. Окончил историко-филологический факультет ГГУ. Работал учителем (в 1975-78 гг. в д. Проокоповка). Стихи начал писать еще в школе. Первые его поэтические строчки были опубликованы в 1968 в районной газете "Маяк".

Пишет на белорусском языке. Поэт. Автор книг «Касавiца», «Начны паром», «Днi мае залатыя», «Лiлея на цёмнай вадзе», «Як слезы горкiя Айчыны»,

«Матчыны грыбы перабiраю», «Свiтальныя конi», «Пяро зязюлi паднiму», «Нетры», ”Палын. Чарнобыль“. «Вiно адзiнокiх».

Лауреат литературной премии Баяна, Государственной премии Республики Беларусь. Член СП СССР с 1988 года. Член Союза писателей Беларуси.

Живет в Минске.


 

 

ДАЛЕЧ ВЯЧЭРНЯЯ
Успамін пра станцыю Церуху


Там засталася хата.
Дзяцінства там блукала.
Насупраць быў калодзеж
З халоднаю вадой.
І за акном чаромха
Квітнела-балявала
І сыпала пялёсткі
Над сцежкаю маёй.
А праз дарогу сосны…
Штодня яны шумелі
Над хатай і дарогай
У стомленай цішы.
І вечарам суседкі
На лавачцы сядзелі
І доўга гаманілі,
І пелі для душы.
Працяжна і шчымліва,
Аж набягалі слезы…
Я помню песні тыя,
Самотныя, як лёс.
І зоркі зіхацелі,
І зіхацелі росы.
І ранак абуджаўся
Ад перазвону кос.
Я быў такі шчаслівы
(Што трэба шчэ на свеце?)
Ёсць вуліца і хата,
І двор, дзе шмат забаў.
Ёсць цягнікі і станцыя,
І гэты вольны вецер,
Што, нібы хуткі поезд,
Са свістам пралятаў…
Глядзеў я і зайздросціў
Тым людзям у вагонах.
І так хацеў паехаць
Далёка, як яны…
Пасля дарог няблізкіх
На нейкі міг сягоння
Хацелася б патрапіць
У тыя мае дні…
Дзе ўсе яшчэ жывыя:
І маці, і бабуля…
Дзе белая акацыя
Вітаецца са мной…
Чаму ж вы праляцелі,
Чаму ж вы прамінулі,
Гады майго маленства,
Як хуткі поезд той?..


* * *
Спыніцца на беразе звілістай рэчкі
Ля весачкі ціхай, як сон…
Лілеі гараць на вадзе, нібы свечкі,
У завадзі ліпеньскіх дзён.
Абапал кусты пераспелай маліны.
Што ж, будзь саладзей, мой радок…
На роснай траве ля жардзянага тыну
Паважных гусей ланцужок.
Мурожнай дарозе цыкорыі кветкі
Дадалі крыху сінізны.
І воддаль, як вокам акінуць, палеткі –
Жаўцяны абсяг збажыны.
А ветрык няспелае жыта калыша –
Як пахне ўжо хлебам яно…
О Божа,такая навокала ціша,
Нібыта ў раі ўсё адно…
І зноўку праз лес і жытнёвае поле
Шырокай дарогай брысці,
І цешыцца: вось яна, вольная воля…
Чаго шчэ жадаць у жыцці?..


* * *
Зноў ва ўспаміны заплыла Ака,
У дні майго далёкага юнацтва.
І смутак параходнага гудка
Мне будзе ў вершах потым адгукацца.
Магіла Паустоўскага.Чмялі.
Струменілася ліпеньская спёка.
І воблакі, як ветразі, плылі
У небе недасяжна і высока.
Я крочыў між някошанай травы.
Ільінскі вір хацелася пабачыць.
Каго спытаць?.. Маўчалі паплавы.
Сцяжынак шмат… Якая з іх – наўдачу?..
Дарогі, нібы добрае віно,
І хмеляць і чаруюць навізною…
У гарадку не быў даўным-даўно,
Але я помню вечар над Акою.
Скрозь за ракой – квяцістыя лугі.
За імі – вёскі і палі пшаніцы.
Далей – лясы… І праз усё – шляхі,
Што беглі небакраю пакланіцца.
Згасалі промні сонца ўдаліні,
Пранізваючы срэбнае прадонне.
І нібы птах, павольна з вышыні
На берагі спускалася сутонне.
Ах,мілага юнацтва берагі…
Шляхоў і вершаў менее з гадамі…
Мае ўспаміны і мае шляхі
Час ахінае сонечнымі снамі…


* * *
Углядаюся ў сінія далі,
Што зліваюцца з сіняй вадой.
Набягаюць імклівыя хвалі,
Дні мае забіраюць з сабой.
Шум прыбою… Жыццё адшумела.
Вечар. Чайкі. Стаю я адзін.
І ў самоту маю ветразь белы
Заплывае, як светлы ўспамін…
ПЕРАД НАВАЛЬНІЦАЙ
Сасновы бор нахмурыў бровы,
Зірнуў на хмарны небасхіл:
Там навальніцы лік суровы
Маланкі росчырк асвяціў.
Бор уздыхнуў і калыхнуўся,
Захваляваўся, зашумеў.
І гром над борам адгукнуўся,
Лагодна нешта прабурчэў.
Крумкач пракрумкаў дзесь у высі –
Вяшчун няшчасця, розных бед.
І зычны голас гром узвысіў,
Аж скалануўся белы свет.
Ён грукацеў па-над абшарам,
Ён валадарна ўжо грымеў,
На чорных навальнічных хмарах
Чарціў маланкамі свой гнеў.
І бор суціх,бы ад спалоху.
Затрапятаўся птахам страх.
І нехта ў гушчары завохаў.
І дождж лінуў, нібы з вядра…


* * *
І дзень на схіл, як гэта лета…
І пуста стане у палях.
І сонца шарам разагрэтым
Апусціцца за сонны шлях.
У ржышча развітальны колер
Пазычаць восеньскія дні –
І афарбуюць наваколле
І лес у шызай даліні.
І сум,што з восенню прыходзіць,
Насіць з сабой не стане сіл.
І разумееш: у прыродзе,
Як і ў жыцці, усё на схіл…

* * *
Далеч вячэрняя. Сонца заходзіць.
Што мы з табой набылі?
Вось і, здаецца, жыццё на зыходзе.
Нібы зусім не жылі.
Гэтая сцежка. Гэтыя сосны.
Міма і міма гады…
Дзе нашы тыя шчаслівыя вёсны?
Ах, адцвілі, як сады…
Сонца заходзіць. Сонца усходзіць.
Заўтра наступіць зноў дзень.
Срэбная чайка аклікне ў самоце
Промень на срэбнай вадзе.
Гэтае неба. Гэтая далеч.
Рана яшчэ паміраць…
Глянь, мая любая, быццам каралі,
Зоркі над намі мігцяць.
Хай асвятляюць сонца і зоркі
Гэты зямны далягляд,
Гэтыя травы на сонных пагорках,
Гэты пакінуты сад…
Пройдзена многа. Зроблена мала.
Колькі зрабіць нам яшчэ?
Што ж ты, каханая, засумавала?
Шлях наш ракою цячэ…


* * *
І жухнуць фарбы. Дальні лес
Паблякнуў раптам, пацямнеў.
Нядаўна ж ярка так гарэў
На фоне сінізны нябес.
Паціху гасне так агмень:
Вуголле зырка датлявае…
Апошні сонечны прамень,
Як дзень, між воблакаў згасае.
І змрок павольна ахінуў
Пажухлы лес, і гэта поле,
І ўсё вясковае раздолле…
І шлях у цемры патануў.
І сон, як птах, узмахам крыл
Абняў азяблыя разлогі.
І пацямнелы небасхіл
Павесіў зорку над дарогай…


* * *
Як і ў жыцці, нахмарыла.
Глядзіш – і пойдзе дождж.
Надзеямі і марамі
Мне сэрца не трывож.
Ах, восень лістападная…
Туман завесіў шлях.
І рады і не рады я,
Што смутак у вачах.
І хай нябёсы хмурацца,
І дожджык хай ідзе,
І лісце ціха кружыцца
На цёмнае вадзе.
А доля?.. Як там мовіцца:
Кране крылом ці не?..
І дождж старанна моліцца
На свежай баразне…


* * *
Зноў неўпрыкмет настала восень…
Па нівах зжатых і гаях
Прайшоў мастак жоўтавалосы
З натхнёным пэндзлем у руках.
Ён клаў то жоўты, то чырвоны,
То залацістым маляваў,
То попельны, ці то зялёны,
Ці раптам чорны колер клаў.
А над усімі – колер сіні,
Над шызай дымкаю лясоў.
То серабрысты – першы іней -
Клаў на платы каля двяроў.
І кветак летніх паміранне,
Густых перастаялых траў,
І сум асенняга расстання
Мастак умела перадаў.
І крык журліва-жураўліны
Трымцеў над пожняю ў цішы.
І колер новы,той,адзіны,
Мастак знаходзіў для душы.
І так шчымліва, сіратліва
Ад гэтых фарбаў мастака…
І шлях губляўся там,за нівай,
І шэпт апошняга лістка…


* * *
Колькі станцый праехаў,
Колькі змераў дарог.
Я блукаў, нібы рэха,
Успаміны бярог.
Незнаёмыя далі,
Быццам кнігу, чытаў:
На старонках мільгалі
Назвы кветак і траў.
Я бярог успаміны,
Дні, гады і вякі…
І лясныя сцяжыны
Мне шапталі радкі.
І дай Бог мне, як рэху,
Зноў вяртацца дамоў,
Звонкім срэбрам са стрэхаў
Гулка падаць далоў…
Разумець: гэта доля –
Век ісці па зямлі,
І каб неба і поле
Васількамі цвілі…