Барановский Александр Александрович (Алесь Бараноýскi)
Родился 07.09.1988 в деревне Терюха Гомельского района.
Поэт. Автор книги «Чуйнае акно”, “Вясляр” “За прамень схаплюся I жыву» .
Член СП Беларуси.
* * *
Н.Н
Ад цябе не патрэбна нічога,
У раскатах глухіх навальніц
Я цябе адпускаю да Бога.
Да зялёных лугоў, да крыніц.
Дзе бязмежнасцю шырыцца неба,
Дзе спявае жалейка наўздзіў,
У празрыстую сінюю небыль,
Дзе дагэтуль ніхто не хадзіў.
У святой адзіноце нанова
Ты адчуеш свой свет «на засоў»…
Як патрэбна хоць некалі слова,
Што зрываецца з вуснаў сяброў.
Калі ж ветласці сэрца захоча
У сцюдзёных заломах вятруг,
Ты прыходзь да мяне сярод ночы,
Прытуліся шчакою да рук.
І падзе твая крэпасць без бою,
І рассеецца разам імгла.
Зачаруешся так вышынёю,
Што дагэтуль і сніць не магла.
* * *
Ты паглядзі на чорную кайму…
Працуюць грамавыя верацёны.
Вакол сцяною дождж ілье шалёны.
Ні краю ні канца няма яму.
Патурбаваў ён жнівеньскі спакой,
Адчуўшы слодыч гэткага размаху…
Бо толькі дождж спатоліць можа смагу
Зямлі наскрозь прагрэтай, трапяткой.
Ды як з вядра не вечна ліўню ліць,
Пужаючы птушыныя чароды.
І ля вады праменьчык жаўтароты,
Бы птушаня, вясёлку стане піць.
* * *
З табой, зямля мая, на ты…
Бур’ян збіваю ботамі…
Ты мне насустрач з нематы
Азвалася грымотамі.
Не злуйся так. Прыйшоў туды,
Дзе сцежка пачыналася.
Дзе з кожнай раніцай куты
З іконай прачыналіся.
Дзе скрып знаёмых мне масніц,
Прамень гуляе ў хітрыкі.
Дзе перад водарам суніц
Мне не хапала вытрымкі.
Дзе з малаком халодным гляк
Чакаў бліноў з яешняю,
Дзе кожны стрэчаны – зямляк,
Калі не сябр, канечне.
Прыйшоў, зямля мая, дамоў,
Пара пагляд лагодзіць.
Да сцежак гэтых нас любоў
З табою зноў пагодзіць.
* * *
У зіхценні мілавіцы
Мой парог і дах –
Вокамгненнай бліскавіцай
Мільгануў тут птах.
Мройнай радасці хвіліна,
Зло забытых сцюж:
Прада мной ляжыць краіна
Саламяных руж.
Крочу зноў туды па краі
Незваротных дзён.
Там красою чыстай ззяе
Месяц-маладзён.
* * *
Як толькі дзень сышоў за шапку гор,
І навяла ноч на бязмежжа чары,
Узяўшы пад крыло зямлі абшары, –
Успыхнуў небасхіл мільярдам зор.
Расой празяблай акрапіўся дол,
Сцінаў сырэчай мёртвай дамавіны.
Мы захаваць святло ў сабе павінны,
Яно – Жыцця і Веры арэол.
* * *
Час мінулы ў дзень наступны зырыцца
З-пад амшэлых шапак курганоў.
Ты мой горкі хлеб, маё апірышча,
Вечная паэзія – Любоў.
То дурманіш галаву жывіцаю,
То бярэш мой розум у палон.
Ты мая вялікая амбіцыя,
Ты маё і шчасце, і праклён.
Дай сабрацца на дасвецці з сіламі,
Узбудзіць дай маладую кроў.
Дзень міне, закураны кадзіламі
Хцівых махляроў і ліхвяроў.
* * *
З кожным жыццёвым годам
Доўжу ланцуг высноў…
Засеўкі і ўмалоты
Думак, пачуццяў, слоў
Радасны дзень і прыкры
Мне абяцаюць. Жаль.
Так высякае іскры
Лёсу майго каваль…
Сноў і падзей каралі,
Расчараванне й плён…
Сэрца, як дол, ўзаралі
Ветры халодных дзён.
Толькі усё ж на плечы
Выпадзе снег наноў.
Ростані і сустрэчы, –
Доўжу ланцуг высноў.