Ганна Мікалаеўна Атрошчанка
Нарадзілася ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Член саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага Саюза журналістаў. Паэтэса, празаік, журналіст, публіцыст. Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі: “Чырвоны Рог”, “Арыёза жыцця”, “Летуценніца” , “Лавровишня”. І прозы: “Сустрэча”, “Ветрагон”, “Жытнёвыя каласы” ды іншых. Стихи и переводы вошли в сборники «З адной калыскі» и «Слово за словом» г. Таганрог.
Шмат год прысвяціла журналістыцы. Ад карэспандэнта “дарасла” да адказнага сакратара і намесніка галоўнага рэдактара газеты. Працавала ў гарадскіх газетах: ”Вестник района”, «Гомельскі веснік» , «Советский район», шматтыражцы “Сельмашевец”.
Музыку на вершы Ганны Атрошчанкі напісалі кампазітары: Уладзімір БУДНІК, Алена КАСТЭНКА, Ірына МАРЧАНКА, Валянціна КАРАЛЁВА, Уладзімір БАБРОЎНІК, М. БУДЗЮХІН, Валянціна ШАРМАНАВА.
ЖОМІКІ
Успамінкі бываюць рознымі. Вясёлымі і сумнымі. Горкімі і балючымі.
Ад якіх адразу моцна заб’ецца сэрцайка. Самота тады цішком крадзец-
ца ў кватэру і доўгі час уладырыць, прымушае памяць старанна гартаць
старонкі пражытых гадоў. Адразу ўзнікаюць знаёмыя сілуэты і постаці,
юныя тварыкі. Можна нават пачуць і вясковы гоман… Шкада, што многіх
людзей, жыццёвыя сцяжыны якіх калісьці перасякаліся з маімі, ужо няма
на гэтым свеце. Адляцелі ў той незваротны вырай, з якога нікому не нака-
навана больш вярнуцца…
Што тут яшчэ дадаць? Усё было. І ўзлёты, і падзенні. І гора, і слёзы.
Жыццё кожнага з нас – хвалістая дарога, дзе здараюцца розныя падзеі.
Недарэмна ж, мажліва, псіхолагі і навукоўцы лічаць: лёс чалавека – такса-
ма кніжка. Адметная і цікавая. Каб зразумець душу чалавека, адчуць яго-
ную сапраўдную сутнасць – неабходна не толькі з ім пуд солі з’есці! Але ж
і ведаць, як ён жыў раней.
…Лёс не надта песціў тых дзяцей, якія нарадзіліся ў суровы ваенны і
пасляваенны час. Яны рана пачыналі працаваць, з маленства асвойвалі
нейкія абавязкі ў хаце і па гаспадарцы. Таму хутка рабіліся дарослымі. У
той час не было дзіцячых садкоў, духоўны светапогляд развівалі бацькі, му-
дрыя бабулі і дзядулі, навакольная прырода. Пра дзіцячыя цацкі, цукеркі,
добрае адзенне і абутак толькі марылі. У раннім дзяцінстве ўдосталь не
смакавалі нават духмянага хлеба! Замест яго – жомікі…
Мажліва, сучасная моладзь нават і не ведае, што значыць гэтае слоўка?
І дзівіцца не трэба. Бо зараз на вуліцы віруе ўжо іншы час. І калі ёсць ў
кішэні грошы, дык у краме можна набыць сёння ўсё, чаго душа пажадае. А
раней такога не было! Ні грошай, ні хлеба. Народная прымаўка сцвярджае:
галоднай курыцы зярнятка на думцы. Пасля вайны людзі толькі марылі
пра сапраўдны хлеб. Духмяны, смачны. Але ён з’явіўся на вясковым стале
значна пазней…
Прадстаўнікі старэйшага, дый таксама майго пакалення, яшчэ захавалі
ў памяці далікатэсы пасляваенннага часу. Цяжкага і галоднага. Калі казаць
шчыра, каб не гэтыя жомікі-праснакі, своеасаблівы заменнік хлеба, многіх
сёння і на свеце не было б… Памерлі б ад галадухі!
…Гартаю кніжку свайго жыцця, з самотай узіраюся ў мінулае. І адразу
бачу такі малюнак: навокал – шырокае калгаснае поле. Ужо даволі цёпла.
Вясна ажывіла усё наваколле ад зімовага сну. Прыйшоў час падрыхтаваць
глебу да сяўбы. Патрэбнай тэхнікі яшчэ ў калгасе няма. Таму ўсё выконва-
ецца пры дапамозе чалавечых рук, звычайных рыдлёвак. І адзінага коніка,
які застаўся, не загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. Дзядзька Іван бад-
зёра крочыць за плугам. Араты яшчэ не стары. Хударлявы, моцны. Ён кры-
ху прыгнуўся, каб лацвей націскаць далонямі на ручкі плуга. Баразна ў
яго атрымліваецца роўненькая, як тая школьная лінейка. Ралля – мяккая і
цёплая, бы матуліны рукі.
Мне дзесьці каля трох годзікаў. Светлая сукеначка ўжо крыху запэц-
каная зямлёй, ногі ж босыя. Бы той хвосцік, з падскокам бягу ўслед за
старэйшымі хлопчыкамі, якія старанна збіраюць леташнюю бульбу. А буль-
бачка тая не надта якасная! Некаторыя клубні ўчарнелыя, нібыта тая сажа.
І не дзіўна. Усю зімку праляжалі ў замёрзлай зямліцы! Добра, што яшчэ не
ператварыліся ў пясок, не рассыпаліся белым парашком у раллю.
Мой дзесяцігадовы брацік таксама шпацыруе за аратым. А следам за
ім, апошняя, бегаю і я. Маленькая, бялявая. І чамусьці вясёлая. Наперад-
зе – сыны дзядзькі Івана, у якога шматдзетная сямья… Вядома ж, нам з
Васільком застаецца тое, што яны не знайшлі. Але не крыўдуем. Нават за-
даволеныя, што зможам нешта назбіраць у кошык, парадаваць сваю маці.
Вунь і сонейка ўжо высока ў нябёсах. Поўдзень. Сонечныя промні до-
бра сагрэлі ўсіх! Араты, прыпыніўшыся на нейкую хвілінку, таксама кінуў
пільны погляд на неба. Відаць, вызначае, што наступіў абедзенны перапы-
нак. Дзядзька распрог каня, спутаў ды пусціў пасвіцца на абочыну дарогі. З
цікавасцю зазірнуў у кошыкі сваіх сыноў, застаўся задаволеным. Бо падняў
вялікі палец уверх. Дзядзька Іван – глуханямы. Таму вядзе размову са
сваімі нашчадкамі пры дапамозе пальцаў...
Брацік, зірнуўшы на мяне, ціха кажа:
– Нам таксама трэба бегчы дахаты! Назбіралі ўсяго дваццаць пяць
бульбінак…
Употай пазіраю на наш кошык. Асаблівага задавальнення няма. Усве-
дамляю адно: лупатыя сыны дзядзькі Івана назбіралі больш… Але што
зробіш! У іх жа бацька араты, а ў нас няма такога гаспадара ў хаце!
Матулька была ўжо дома: прыбегла абедаць з працы. Хуценька ўзяла
кошык з рук Васілька, старанна памыла бульбу ў вялікай місцы. Потым
паклала клубні на падаконнік, каб добра падсохлі. Усміхнулася ды весела
нам кажа:
Хуценька умывайцеся! Зараз пойдзем абедаць. Сёння ў нас боршчык з
маладога шчаўліка. А ўвечары гэтую бульбачку звару ў грубцы, патаўку. І
кіну туды жменю мукі. Хадора сёння пазычыла. І напяку жомікаў! Будзем
багатымі. Галадаваць нам не давядзецца! А заўтра – пойдзеце ў поле. Буд-
зеце зноўку збіраць леташнюю бульбу за Іванам Сысоевым! Папрасіла,
дазволіў…
КАБ НЕ ДЗІРКА Ў РОЦЕ…
У нашай вёсцы дзед Пятрок лічыўся такім працаўніком, пра якіх звычай-
на кажуць: справу робіць, быццам мокрае бярвенне гарыць! Ніколі не бачы-
ла, каб ён завіхаўся на агародзе ці нешта рабіў па гаспадарцы. Сялянскія
клопаты старанна выконвала бабуся Марыся. Цярплівая, худзенькая, ма-
ленькая… Яна ніколі не скардзілася суседкам на свайго мужа-абібока. Але
ж тыя самі бачылі, што за гаспадар у хаце. Бо ў вёсцы і муха незаўважана
не праляціць! Або яшчэ кажуць так: калі нехта чмыхне носам на сваім два-
ры, вельмі далёка чуваць. Нават у канцы вуліцы!
Занятак у дзеда быў па-свойму адмысловы: нацягнуўшы брыль на
лысую галаву, ён штодзённа бавіў вольны час на лаўцы каля веснічак.
Іншым разам чытаў там свежыя газеты альбо вёў доўгія размовы са
сваімі равеснікамі. Часцяком да дзеда наведваўся ягоны сусед Даніла, які
лічыўся ў вёсцы вялікім грамацеем. Мажліва, па той прычыне, што некалі
ўзначальваў калгасную гаспадарку - працаваў старшынёй. Дый дыялог вёў
з начальствам і вяскоўцамі заўсёды цікава, разважліва, з гумарам.
Немаладых мужчын, мусіць, аб’ядноўвала яшчэ і сяброўская чар-
ка. Але Даніла меў своеасаблівы гонар вясковага інтэлігента і ніколі не
напіваўся да трэску ў галаве! Затое Пятрок любіў добра дзюбнуць некалькі
«маліноўскіх» шклянак, ад якіх адразу губляў розум. Бывала, так набярэц-
ца гэтай «святой» вадзіцы з пякучымі градусамі, што нават не ведае, у які
бок трэба павярнуць свае непаслухмяныя ногі! Тады паціху, хістаючыся
падыбае да сваёй хаты. І амаль з кожным слупом пагуляе ў абдымкі.
Аднойчы дзед Пятрок вырашыў паехаць у заробкі. Бо, як ні круці, а ся-
мейны бюджэт таксама патрабуе увагі. Дый жонка ўжо пратрубіла вушы
пра тое, што ўсе мужчыны з іхняй вёскі зарабляюць недзе неблагія грошы.
Каб улагодзіць сваю Марысю, сабраўся. Паехаў. Разам з сябрукамі будаваў
жыллё дзесьці на расейскай зямліцы. Але мары ў будаўніка лопнулі, як тыя
мыльныя бурбалкі. І не таму, што нешта адбылося нечаканае. Тут месца
мела зусім іншая справа. Так званая, дзірка ў роце… Каб не гэтая дрэнная
звычка, хадзіла б жоначка Пятрука ў злоце! Але ен, што зарабіў сумленнай
працай, адразу прапіў…
Каб дабрацца да сваей станцыі, прадаў святочныя штаны. А далей
«ехаў», як гаворыцца ў такіх выпадках, на сваіх дваіх. Познім вечарам,
даклыпаўшы да знаёмага двара, пастукаўся ў акенца:
– Марыська! Дзе ты там, маё сонейка? Адчыняй хутчэй дзверы. Бо
стаміўся. І галодны, як бяздомны сабака!
Але ж кабету, як кажуць, на мякіне не правядзеш! Адчула: язык у мужа
блытаецца. Пэўна, кульнуў у дарозе некалькі чарак. Затаілася, быццам
мыш пад венікам, і зацята маўчыць. Тым часам п’янтос скеміў: толькі
хітрасцю можна жаночае сэрцайка ўлагодзіць.
– Жоначка! Даражэнькая мая!– пяшчотна працягвае Пятрок.– Адчыняй
хутчэй дзверы. Я ж табе новую хустку прывёз ды цёплыя бурачкі, шмат
цукерак.
Марыся паверыла. Бразнула клямкай. Але потым – шкадавала! І было
ад чаго. Алканаўт нічога не прывёз. Ні бурак, ні цукерак, ні грошай…
ПРЫГОДЫ РЫГОРА
Рыгор працаваў брыгадзірам у калгасе. Быў дысцыплінаваным,
актыўным, добрасумленным. Калектыў, якім кіраваў мужчына, лічыўся пе-
радавым. Неяк, атрымаўшы чарговую прэмію, нечакана сустрэў школьнага
сябра. Той прапанаваў адзначыць сустрэчу. Даўно ж не бачыліся. Калюн
жыў у суседняй вёсцы, зазіраў у сельскі Савет толькі пры неабходнасці.
Сябрукі добра пасядзелі ў мясцовай сталоўцы. Крыху «пагудзелі»,
успомніўшы прыгоды з дзяцінства. Рыгор, вялікі любіцель жанчын, нечака-
на падміргнуў, а затым таямніча запытаўся:
– Слухай, браток, сюды! Вось нашыя мужыкі баюць, што ў вашай вёсцы
шмат прыгожых адзінокіх жанчын. Ці праўда гэта?
– А як жа! Зразумела, чысцюткая праўда!– у знак згоды заківаў кудлатай
галавой Калюн.– Маладзіцы – сапраўдныя цукеркі. Прыгожыя, статныя,
нібыта тыя бярозкі ў лесе.
– Ну і як яны? Строгія ці не? Як ты мяркуеш: хтосьці сённяшняй ночкай
мне адчыніць дзверы? – шэптам запытаўся закаранелы лавелас.
Пільна зірнуўшы на яго, школьны сябрук узняў вялікі палец.
– Ты, Рыгорка, як гэтае адчуваецца за вярсту, – сапраўдны мужык! Твае
будзёнаўскія вусы, як і раней, карыстаюцца пільнай ўвагай. І знаходзяцца
пад асаблівым прыцэлам у жаночых вачэй!
Брыгадзір задаволена крэкнуў, усміхнуўся, вышэй галавы ўзняў чарку з
гарэлкай. І нечакана прапанаваў:
– Тады пойдзем разам шукаць пяшчоты ў чужых ложках. Згодзен?
Калюн ад здзіўлення вылупіў вочы і адмоўна закруціў лысай, быццам
голае калена, галавой. Пракаўтнуўшы хлеб, адказаў:
– Рад бы ў гэты рай, але ж былыя грахі не пускаюць! Жоначка, як даве-
даецца пра мае прыгоды, качаргу зламае на лысай галаве. Ды яшчэ, не
дай гэтага, Божа, на дзверы ўкажа! Не, нікуды з табой не пайду. Ідзі лепей
адзін. Абяцаў Вяргіні не губляць сцежку да сваёй хаты, чужыя ніколі не тап-
таць! А ты – дзейнічай! Кацярына табе давярае. Слухай, толькі не крыўдуй.
Ведаеш, я табе дапамагу. Якім чынам? На хатах адзінокіх жанчын нама-
люю крэйдай крыжыкі. Святла электычнага на вуліцы хапае, знойдзеш тое,
што трэба. Можа, і пашанцуе. Нехта і адчыніць табе акно.
І абяцанне сваё выканаў. Паставіў патрэбны знак амаль на кожнай вя-
сковай хаце, дзе жыла адзінокая жанчына, і няроўным крокам падыбаў у
бок свайго двара. А тым часам Рыгор смела прыступіў да справы. Ружовыя
фантазіі не давалі спакою ягонаму палкаму сэрцу. Ён сябе ўжо ўяўляў раз-
ам з нейкай каханкай-прыгажуняй на мяккай пасцелі. Сыпаліся гарачыя
пацалункі, моцныя абдымкі, у вушах звінелі смех і пяшчотныя словы. Га-
лава кружылася не толькі ад выпітых чарак, але і ад нясцерпнага мужчын-
скага жадання…
Рашуча дзюбнуў пракураным пальцам у адно акенца, потым ў другое…
Ніхто і не адгукнуўся. Толькі сабака падаў голас з-пад веснічак. Начны ва-
лацуга хістка пакрочыў далей, каб паўтарыць свае спробы. Зноў цішыня.
Толькі ў пятай хаце нарэшце адчынілася акенца. Жанчына ў белым, з
доўгімі валасамі, строга запыталася:
– Што вам трэба? Чаму швэндаецеся тут? Спакою і ўначы ад вас,
нахабнікаў, няма. Разбудзілі мяне і дзетак!
Рыгор, нахіліўшыся да гэтай русалкі, паспрабаваў прыязна ўсміхнуцца.
Працягнуў рукі, каб прылашчыць маладзіцу… Але нечакана атрымаў такі
моцны ўдар па доўгім носе, што ажно зіхоткія зоркі з вачэй паляцелі. Спа-
лоханы, войкнуў. Не чакаў ад жанчыны такой рашучай абароны.
Акенца з грукатам зачынілася, фіранкі на вокнах закалыхаліся. Схапіўшы
ў жменю свой нос, пакалдыбаў далей. Убачыў лаўку каля шэрага плоту,
стомлена прысеў. Выцер насоўкай узмакрэлы лоб, нос, услых мацюкнуўся.
Праз некаторы час, ачомаўшыся ад болю, зноўку накіраваўся ўжо да чар-
говай хаты. Ды толькі ягоныя намеры не здейсніліся і тут. Не пачулі, не
прывецілі! Затое каля чарговага акенца Рыгора чакаў сапраўдны сюрпрыз.
Які? Слухайце далей.
Фортку адчыніла вабная маладая жанчына. Прыкмеціў гэтае адразу, бо
ліхтар на слупе знаходзіўся побач. Прыгажунька здзіўлена зірнула на муж-
чыну, ветліва запыталася ў начнога вандроўніка:
– Вы часам не заблудзіліся? Куды шлях трымаеце? Мая парада патрэб-
на?
Рыгор, шчыльна прыціснуўся да вугла хаты, як жаніх да нявесты. Каб не
выдаць свой сапраўдны стан. Гарэлка актыўна ўжо дзейнічала ў арганізме,
ногі амаль не слухаліся. Заікаючыся, з цяжкасцю выціснуў непаслухмяным
языком:
– Д-добры в-вечар, м-мая р-рыбанька! С-слухай сюды, я г-гэтае не
з-за-блудзіўся. Вось п-прышоў м-менавіта да цябе. К-кветачка, калі ласка,
п-пусці мяне да сябе, а!
І раптам пачуў:
– Хвілінку, зараз адчыню вам дзверы! Толькі крышачку пачакайце на
вуліцы. Стойце вось тут на адным месцы. Добра?
Рыгор згодна кіўнуў. Нарэшце яму пашанцавала. Ура! І яшчэ ж як!
Знайшлася маладзічка, якая, мабыць, «запала» на яго. Усе ружовыя мары
стануць сёння рэальнасцю. Жанчынка, па ўсяму відаць, класная. Не абы-
якая! Ветлівая. Не тое, што іншыя. Захацелася нават патанчыць, ды толькі
ногі не жадалі падпарадкоўвацца. Але, нягледзячы на такі стан, мужчына
зрабіў некалькі нязграбных піруэтаў. З цікавасцю кінуў погляд на вуліцу.
Там панавала цішыня, нават сабакі заціхлі.
Задаволены, прыслухаўся. І пачуў, як у хаце зарыпелі масніцы. Сэрца аж
заёкала ад хвалявання. Вось і яна сама, красачка… Адчыніла насцеж, дара-
жэнькая, ужо не фортку, а акенца. Падалося, што прыязна так усміхаецца.
Верагодна, таксама добра разумее: у фортку ж ён не ўціснецца! Габарыты
не дазволяць! Расцягнуў вусны ў адказ шчырай усмешкай. Рашуча зрабіў
крок насустрач сваім начным прыгодам. Бо чаканне падалося бясконцым.
Міжволі падумаў: лепей бы яму цяпер зайсці ў хату праз дзверы. Ускараб-
кацца на падаконнік, мусіць, не хопіць ужо належнага спрыту. Ногі сталі
зусім ватнымі.
Але прыемныя думкі нечакана абарваліся, як гнілая нітка. Раптам на кава-
лера з шумам паляцеў цэлы халодны вадаспад! На нейкі момант здзівіўся. І
здрыгануўся ад нечаканасці. Нават не ўяўляў, што ўважлівая гаспадыня так
« пяшчотна прывеціць»… Бо рухавая маладзічка выліла на ягоную кудлатую
галаву вядро вады. І раптам да вушэй збянтэжанага кавалера даляцела вось
што:
– Атрымлівай, валацуга, тое, што сёння заслужыў! Можа, хоць да жонкі
хутчэй дакалдыбаеш.
І знікла…Быццам і не было! Рыгор, збянтэжаны, мокры і злы, як галод-
ны воўк, адразу зрабіўся амаль цвярозым. У нейкі момант яму стала со-
рамна за свае паводзіны. Адбег ад праклятага акна. Выцер далонямі твар,
прыгладзіў вусы і чуб. Адразу вырашыў пра сябе: ў гэтыя мясціны больш
ніколі не зазірне! Хопіць! Уволю ўжо навандраваўся. І брындаць па чужых
дварах, калі ёсць свой, не надта прыемны занятак. Яшчэ раз азірнуўся на
цёмныя вокны. Незадаволена плюнуў пад ногі, гучна, на ўсю вуліцу, сіпла
вылаяўся. Злосны і сярдзіты, пасунуўся ў бок сваёй вёскі…
«ГАСПАДАРЛІВЫ» МУЖ…
Калі здарыўся гэты недарэчны выпадак з каханым мужам, Кацярына
тады знаходзілася ў радзільным аддзяленні. Шчаслівая, задаволеная
была. А як жа! Ўпершыню рыхтавалася стаць матуляй. Усе родныя такса-
ма былі на сёмым небе ад шчасця. І з радасцю чакалі хлопчыка, працяг
чалавечага роду…
Але ж маладую жанчыну хвалявала толькі адно пытанне. Думкі былі
толькі пра мужа, пра яе Рыгора. Застаўся ж адзін у кватэры. Як ён там
жыве? Можа, галодны ходзіць на працу? Няголены, нават брудны… Га-
спадар з яго ніякі. Гэты мужчына ў свае поўныя трыццаць не ўмеў нават
цвік забіць, не тое што прыгатаваць абед. Пра такіх звычайна кажуць: рукі
выраслі не з таго месца, што трэба…
А тым часам Рыгор ведаеце што ўдрычыў? Вярнуўшыся з працы, ху-
ценька зазірнуў у амаль пусты халадзільнік. Належнага ўздыму ў настроі,
вядома ж, не адбылося: толькі адна бляшанка там віднелася. Але ж хоць
нешта, ды ўсё-такі ёсць перакусіць. На газавай пліце стаў разаграваць
сваю вячэру… Звычайную салянку ў шкляной бляшанцы! А сам пайшоў
курыць на балкон. І тут з кухні пачуўся страшэнны выбух. З трэскам паля-
цела шкло з акна прама на брук, на вуліцу. Добра, што ў гэты час нікога там
не было!
Калі спалоханы гаспадар прыбег на кухню, на нейкі момант нават
аслупянеў ад здзіўлення. І было ад чаго! На столі, на падлозе, на сцяне
засталіся тлустыя «аўтографы» ад ягонай вячэры… А тут яшчэ да месца
здарэння збегліся ўсюдыісныя жвавыя суседкі. І такі дружны лямант хо-
рам скампанавалі, хоць вушы затыкай! Жаночы крык стаяў тады на ўвесь
агульны калідор. Колькі нядобрых слоў, злых кпінаў пачуў у свой адрас
гэты чалавек! Нават не злічыць. А колькі было потым смеху!
Відаць, нездарма Кацярына не пра роды, а пра мужа думала.